bulletгалоўнае онлайн:

Спорт

Друкаваць decreaseincreaseПамер шрыфта

Беларускі экіпаж МАЗа займае чацвёртае месца пасля трох этапаў "Дакара-2017"

5 студзеня 2017 г. 17:03

Беларускі экіпаж пад кіраўніцтвам Сяргея Вязовіча паспяхова прайшоў трэці спецучастак ралі-рэйду "Дакар-2017", падняўшыся на чацвёртае месца ў агульным заліку сярод грузавікоў.

Аб гэтым паведамілі ў кампаніі velcom, якая выступіла тэхнічным партнёрам каманды "МАЗ-СПОРТаўта", перадае БЕЛТА.

Спецучастак трэцяга этапу працягласцю 199 км складаўся з двух адрэзкаў. Найбольш складанай аказалася горная частка, калі гоншчыкам давялося рабіць крутыя пад'ёмы на вышыню амаль 5 тыс. м. Беларускія экіпажы перапады ціску перанеслі паспяхова - перад ралі-рэйдам гоншчыкі прайшлі падрыхтоўку ў баракамерах.

Лепшы час сярод беларусаў паказаў Сяргей Вязовіч, які другі этап запар фінішаваў чацвёртым. На праходжанне спецучастка спатрэбілася 2 гадзіны 51 мінута, а ў час гонкі беларусам нават удалося апярэдзіць аднаго з фаварытаў гонкі - камазаўскі экіпаж пад кіраўніцтвам Дзмітрыя Сотнікава.

Пераможцам заезду стаў другі прадстаўнік расійскай каманды - Эдуард Нікалаеў, які праехаў спецучастак на 5 з палавінай мінут хутчэй за беларускую каманду. У генеральнай класіфікацыі МАЗ Сяргея Вязовіча перамясціўся з шостага на чацвёртае месца і цяпер адстае ад лідара на 5 мінут.

"На трэцім этапе экіпажы не разабраліся з навігацыяй і банальна заблудзіліся. Штурман Павел Гаранін правільна вывеў наш аўтамабіль, таму ўдалося захаваць час і апярэдзіць расіяніна Дзмітрыя Сотнікава. Пад'ём на вялікую вышыню перажылі спакойна, самаадчуванне было добрае", - расказаў Сяргей Вязовіч.

МАЗ Аляксандра Васілеўскага паказаў на трэцім этапе 11-ы час - 3 гадзіны 04 мінуты, прайграўшы Эдуарду Нікалаеву 18 мінут. У агульным заліку экіпаж узняўся на 15-е месца і адстае ад лідара гонкі на 35 мінут.

Аляксей Вішнеўскі завяршыў трэці этап на 14-й пазіцыі - за 3 гадзіны 13 мінут. У агульным заліку займае 18-е месца з адставаннем ад лідара 42 мінуты.

Чацвёрты этап ралі-рэйду прывядзе гоншчыкаў у Балівію. Спецучастак працягласцю 416 км паміж гарадамі абяцае стаць адным з самых складаных на "Дакары". Акрамя высакагор'я, экіпажам давядзецца сутыкнуцца з каварнымі пяскамі, у якіх можна лёгка завязнуць або перавярнуцца на дзюне.

Мінскі аўтазавод удзельнічае ў марафоне "Дакар" ужо шосты раз. Партнёрам заводскай каманды МАЗ выступае Альфа-Банк, тэхнічным - velcom, які забяспечвае гоншчыкам бясплатны роўмінг у час гонкі.

Ралі-рэйд "Дакар-2017" праходзіць з 2 па 14 студзеня па тэрыторыях адразу трох краін - Аргенціны, Балівіі і Парагвая. Працягласць маршруту складае каля 9 тыс. км, сярод выпрабаванняў - складаныя горныя перавалы, небяспечныя звілістыя дарогі, каварныя пяскі і дзюны. У класе грузавікоў у ралі прымаюць удзел 50 экіпажаў. Асноўнымі канкурэнтамі беларускіх "зуброў" выступаюць "КамАЗ", Iveco, MAN, Renault і Tatra.

Фота з сайта newsler.info

Друкаваць decreaseincreaseПамер шрыфта
Share |

АРХІЎ ГАЗЕТЫ

NV logo

ШУКАЦЬ У АРХІВЕ З ДАПАМОГАЙ КАЛЕНДАРА

ПАРТНЁРЫ

Падпiска

Падпісацца на "Народную волю" можна ў любым паштовым аддзяленні.