bulletгалоўнае онлайн:

Друкаванае выданне - №94(4141)

Друкаваць decreaseincreaseПамер шрыфта

Калі беларусы будуць слухаць Дзявятую сімфонію Бетховена?

Аўтар: I 13 снежня 2016 г.

Вось ужо больш за 70 гадоў у Краіне ўзыходзячага сонца напярэдадні Новага года гучыць гэты несмяротны твор. Усё пачалося з таго памятнага летняга канцэрта 1944 года, які адбыўся з нагоды адпраўкі на фронт выпускнікоў Такійскага ўніверсітэта.

У краіне быў голад. І музыканты настолькі аслаблі, што змаглі выканаць толькі дзве часткі сімфоніі Бетховена. На думку арганізатараў канцэрта, Дзявятая сімфонія павінна была ўзняць маральны дух маладых прызыўнікоў.

У тыя ракавыя дні музыка Бетховена мела асаблівае гучанне. Яна выклікала то радасць, то неспакой, то абуджала ўспаміны і нараджала глыбокія думкі. Японцы, адчуваючы, што краіна цярпіць паражэнне ў Другой сусветнай вайне, моцна задумаліся: а ці туды ідзе дзяржава? Як жыць далей?

Музыка геніяльнага кампазітара і гэтыя пытанні моцна заселі ў душах людзей і не давалі ім спакою. З таго часу напярэдадні кожнага Новага года японцы слухаюць Дзявятую сімфонію Бетховена і разважаюць, спрачаюцца аб будучым, аб тым, як жыць далей. Ці не таму іх краіна, не маючы амаль ніякіх карысных выкапняў і пастаянна перажываючы землятрусы і разбурэнні, стала трэцяй эканамічнай сілай у свеце.

Час і нам, беларусам, слухаць Дзявятую сімфонію Бетховена і сур’ёзна задумацца над пытаннем “А ці туды ідзём?” Ці не час наладзіць агульнанацыянальную дыскусію па абмеркаванні лёсавызначальных праблем?

А пакуль такога няма, давайце самі пашукаем адказы на самыя вострыя пытанні. На тыя, якія не даюць нам спакою, але якія неахвотна закранаюць прадстаўнікі ўлады і іхнія палітолагі.

Вось яны, гэтыя пытанні. Ці дакладней – некаторыя з іх.

Суседзі ў рай, а мы – зноў у пекла?

Чаму народныя масы не ідуць за апазіцыяй?

Дзе нашы Эрхард ці Тэтчэр?

У Еўропе на выбарах спаборнічаюць партыі, а ў нас – швачкі-матарысткі і старшыні калгасаў. Чаму?

Ці стануць Амерыка і Англія суб’ектамі Расійскай Федэрацыі?

Чаму авечка з усяе сілы пнецца ў ахоплены полымем хлеў?

Іслам у Еўропе: пухліна ці бальзам?

Хто страшней: тэрарысты ці дыктатары?

Чаму той, хто не ведае гісторыі сваёй краіны, вымушаны будзе яшчэ раз перажыць яе кашмары?

Чаму Еўропа пускае ў свой край мусульман і закрывае дзверы перад беларусамі?

Ці можна вылечыць грамадства з дапамогай хлусні?

 

Натоўп і ўлада

Нярэдка чуем: “Як змяніць жыццё да лепшага, калі людзі ў нас пасіўныя, не хочуць бараніць свае правы, не ходзяць на мітынгі, не галасуюць на выбарах за апазіцыю?”

Мой адказ такі.

Калі вы чыталі Біблію, то ведаеце, як сустракалі Ісуса Хрыста ў Іерусаліме.

Ён прыехаў у горад на асле. Не на белым кані, як звычайна гэта рабілі цары пасля выдатных перамог. Ён ехаў як звычайны грамадзянін. Але як яго сустракаў натоўп! Тысячы людзей здымалі сваё адзенне і рассцілалі на дарозе, скандзіруючы “Слава! Хвала Усявышняму!”. Яны гатовы былі ісці за ім на край свету.

А ўсяго праз некалькі дзён гэты самы натоўп крычаў: “Распяць яго!”

Як вядома, Ісусу Хрысту здрадзілі і яго арыштавалі.

Паводле звычаю, на Вялікдзень рымскі намеснік Іудзеі адпускаў аднаго з арыштаваных. І калі на плошчы з’явіўся вялізны натоўп цікаўных, пракуратар Пілат паведаміў, што ў турме ўтрымліваюцца разбойнік Варава і нехта Ісус, якога называюць Хрыстом. “Каго хочаце, каб я вызваліў?” – спытаўся Пілат. “Вараву, Вараву!” – гуў натоўп. Пракуратар пацікавіўся, што рабіць з Ісусам. “Распяць яго! Распяць!” – крычалі з натоўпу. “А чаму? Ён жа не зрабіў нічога кепскага?” – недаўмяваў Понцій Пілат. Натоўп яшчэ мацней закрычаў: “Распяць яго!”

Чаму любоў і пакланенне змяніліся гневам і злосцю? А вось чаму. Напярэдадні прыезду ў Іерусалім Ісус прадэманстраваў нябачаную раней сілу. Ён вярнуў зрок сляпым, ажывіў мёртвага. Весткі аб гэтым разляцеліся па акрузе. І людзі пацягнуліся за Хрыстом са сваімі бедамі і праблемамі з надзеяй, што ён дапаможа вырашыць іх.

А калі яго арыштавалі і з яго здзекаваліся ахоўнікі, натоўп зрабіў выснову, што яго сіла знікла. “Бачыце, ён не можа абараніць сябе”, – шапталіся гараджане.

А каму такі патрэбны? Натоўп прагне бачыць моцнага. Як разбойнік Варава. Ён можа, калі спатрэбіцца, каму хочаш даць у морду. А той, Ісус, зусім бездапаможны.

Якая выснова з біблейскай прыпавесці напрошваецца? За апазіцыяй, якая ў Беларусі толькі падстаўляе спіны пад дубінкі, натоўп ніколі не пойдзе. Натоўп, народныя масы, электарат ідуць за моцнымі. Так было заўжды і ва ўсіх народаў.

Успомнім: на пачатку мінчане паверылі апазіцыі і тысячамі хадзілі за яе прадстаўнікамі па вуліцах. Ды сярод гэтых прадстаўнікоў не знайшлося ні свайго Валенсы, ні свайго Гавела, ні нават Саакашвілі… І натоўп расчараваўся ў такіх лідарах.

 

У Еўропе на выбарах спаборнічаюць партыі, у нас – швачкі-матарысткі і старшыні калгасаў

Гэта галоўнае адрозненне нашых выбарчых кампаній ад еўрапейскіх. Нават у Расіі палова дэпутатаў Дзяржаўнай Думы выбіраецца па партыйных спісах. Чаму?

Праграму вываду краіны з крызісу не могуць распрацаваць ні спявачка, ні старшыня ўчарашняга калгаса (а сённяшняга СВК ці ААТ), нават калі яны перадавікі ў сваіх галінах. Гэта пад сілу толькі эканамістам і палітыкам, якія кучкуюцца ў партыях, а не на жывёлагадоўчых фермах.

Урад, як вядома, зацвярджаецца парламентам. У нас “дэпутаты з народа” адзінадушна галасуюць за тых, каго ім прапаноўваюць. Прозвішчы некаторых яны наогул упершыню чуюць, а таму для іх няма розніцы, хто якую пасаду зойме ў вышэйшым эшалоне ўлады.

Дзеяздольны, высокакваліфікаваны ўрад могуць сфарміраваць толькі палітычныя партыі. Таму што іх галоўная мэта – узяць уладу ў свае рукі. А каб гэта стала рэальнасцю, трэба, каб у партыях былі аўтарытэтныя асобы, якія дзякуючы сваёй харызматычнасці, сваім арганізатарскім здольнасцям і прафесійным якасцям выклікаюць глыбокую павагу ў шырокай грамадскасці. І партыі імкнуцца мець у сваіх шэрагах такіх лідараў.

Нялішнім будзе нагадаць, якія абяцанні даюць выбаршчыкам “вылучэнцы з народа”: адрамантаваць дзіцячы садок, пабудаваць мост праз рачулку… Стаўшы дэпутатамі, яны пачынаюць дабівацца выканання сваіх абяцанняў. Іх хвалюе не будаўніцтва краіны, чым павінен займацца парламент, а будаўніцтва мастоў, ферм. Словам, як ні круці, “вылучэнцы з народа” прайграюць ва ўсім тым неардынарным асобам, прозвішчы якіх уносяць у свае спісы партыі.

Затое “дэпутатамі з народа” лягчэй кіраваць. Аднаму можна пасадзейнічаць у вырашэнні нейкай важнай для яго праблемы, другога ўключыць у склад дэлегацыі, якая ад’язджае за мяжу, трэцяму намякнуць, што яго кандыдатура можа з’явіцца ў спісе вылучэнцаў на важную пасаду… Глядзіш, і парламент стаў “ручным”. Ён ахвотна штампуе законы, патрэбныя прадстаўнікам улады. Ён служыць ужо не народу, а купцы палітыканаў.

Менавіта ператварэнне выбарчага працэсу ў спаборніцтва партый дапамагло пабудаваць сучасную Еўропу і сучасную Амерыку.

У нас жа партыі называюць “пятай калонай” і ім па-ранейшаму перакрываюць дарогу ў парламент.

(Працяг у наступным нумары.)

 

Тэмы:
Друкаваць decreaseincreaseПамер шрыфта
Share |

АРХІЎ ГАЗЕТЫ

NV logo

ШУКАЦЬ У АРХІВЕ З ДАПАМОГАЙ КАЛЕНДАРА

ПАРТНЁРЫ

Падпiска

Падпісацца на "Народную волю" можна ў любым паштовым аддзяленні.