Кадравы ператрус
Днямі пакінуў пасаду дырэктара РНПЦ неўралогіі і нейрахірургіі прафесар Сяргей Ліхачоў. Ён напісаў заяву аб звальненні па асабістым жаданні.
Сяргей Ліхачоў узначальваў вядучы навукова-практычны цэнтр краіны пяць гадоў. Шырокай грамадскасці ён, напэўна, запомніўся тым, што ў 2006 годзе разам з галоўным урачом Рэспубліканскай бальніцы кіраўніцтва справамі прэзідэнта, былым лечачым урачом Аляксандра Лукашэнкі Ірынай Абельскай быў вылучаны на Дзяржаўную прэмію Беларусі за 2005 год у галіне навукі і тэхнікі. Ліхачоў быў кіраўніком каманды суіскальнікаў на вышэйшую дзяржаўную ўзнагароду, у якую, акрамя Абельскай, увайшлі яшчэ чатыры медыкі.
Аднак Дзяржпрэмію каманда Сяргея Ліхачова не атрымала. У 2006 годзе з’явіўся памятны ўказ Аляксандра Лукашэнкі аб дзяржаўных прэміях, накіраваны быццам бы на ўдасканаленне сістэмы прэміравання за дасягненні ў розных галінах жыцця. Заяўкі суіскальнікам прыйшлося адклікаць, фарміраваць новыя каманды і ў рэшце рэшт высокая ўзнагарода за 2005 год не прысуджалася.
Літаральна праз год з пасады галоўнага ўрача прэзідэнцкай клінікі была звольнена Ірына Абельская. А Сяргей Ліхачоў працягваў кіраваць РНПЦ неўралогіі і нейрахірургіі. Пад яго кіраўніцтвам распачалася шырокая рэканструкцыя медыцынскай установы, будаўніцтва новага корпуса РНПЦ неўралогіі і нейрахірургіі.
Калі стала вядома пра адстаўку Ліхачова, у медыцынскіх колах папаўзлі чуткі, што кадравая ракіроўка можа быць звязана менавіта з рамонтам РНПЦ, закупкай сучаснага і дарагога медыцынскага абсталявання. Быццам бы нейкія парушэнні выявіла камісія Міністэрства аховы здароўя, якая шчыльна працавала ў РНПЦ напрыканцы мінулага года. Дый Ліхачоў перад сваёй адстаўкай падпісаў заяву аб звальненні начальніка аддзела па матэрыяльным забеспячэнні цэнтра Паўла Машлякевіча. Трэба сказаць, што будаваліся і іншыя версіі нечаканай адстаўкі Сяргея Ліхачова. Таму мы вырашылі даведацца, як кажуць, з першых вуснаў, чаму прафесар Ліхачоў, дарэчы, чалавек не пенсійнага ўзросту, раптам сышоў з высокай пасады.
З ПЕРШЫХ ВУСНАЎ
Сяргей ЛIХАЧОЎ: «Не шукайце крамолы там, дзе яе няма»
— Сяргей Аляксеевіч, вы сталі ўжо чацвёртым кіраўніком-медыкам, які за апошні год сыходзіць з пасады. (Новыя кіраўнікі з’явіліся ў БелМАПА, Мінскім медуніверсітэце, РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі.) Што здарылася?
— Гэта натуральнае перамяшчэнне кадраў... Я сышоў па стане здароўя, напісаў заяву з просьбай звольніць па асабістым жаданні. Застаўся ў цэнтры на сваёй любімай працы. Я зараз загадчык неўралагічнага аддзялення.
— Са шкадаваннем сыходзілі з пасады дырэктара?
— Ніколькі... Я ўсё жыццё працаваў у перадавым акопе. Стаміўся, шчыра кажучы. Наш цэнтр — гэта такая махіна, праблем хапае самых розных. Напрыклад, пытанне з кадрамі. Як іх утрымаць, заахвоціць. Мінскім урачам, напрыклад, сталічныя ўлады павысілі стаўкі на 20 працэнтаў. А мы — рэспубліканская ўстанова, нам такіх даплат ніхто не дае... Не шукайце крамолы там, дзе яе няма. Мяне ніхто не пакрыўдзіў.
— Але чуткі вакол вашага сыходу цыркулююць самыя неверагодныя. Пачынаючы з таго, што вы не справіліся з рэканструкцыяй РНПЦ, і да інцыдэнту, які здарыўся ў лютым падчас абароны ў вашым цэнтры кандыдацкай дысертацыі вучня віцебскага губернатара Аляксандра Косінца. Нібыта вы заснулі падчас гэтай абароны.
— Пра апошняе нічога не ведаю... Што тычыцца рэканструкцыі, то яна адбываецца ў адпаведнасці з вызначаным тэрмінам. Усё ідзе па плане. Але напрыканцы года, кажучы па-ваеннаму, прыйдзецца браць штурмам, бо зрабіць трэба яшчэ шмат. Да 2011 года рэканструкцыя павінна скончыцца... Дзякуй Богу, мяне не звольнілі за тое, што я з чымсьці не справіўся, ніякіх парушэнняў у маёй працы не было. Нядаўна ў цэнтры была праверка... А тое, што людзі прыдумваюць... Ім жа трэба знайсці нейкія тлумачэнні майго сыходу. Паклёпаў на мяне за пяць гадоў было напісана нямала. Здароўя мне гэта не дадало...
Р.S. 9 сакавіка міністр аховы здароўя Васілій Жарко прадставіў супрацоўнікам РНПЦ неўралогіі і нейрахірургіі новага дырэктара — кандыдата медыцынскіх навук Андрэя Таніна.





галоўнае онлайн:


Навіны
Дадаць каментарый