bulletгалоўнае онлайн:

Палітыка

Друкаваць decreaseincreaseПамер шрыфта

Андрэй Казакевіч: Бітва за Украіну – прынцыповая для Расіі

3 снежня 2013 г. 09:27 Image 94261
Калі Украіна здолее павярнуць у Еўропу, то гэта стане велізарным стымулам для еўраінтэграцыі ўсяго рэгіёна.

Падзеі ва Украіне, а таксама магчымыя наступствы еўрарэвалюцыі для рэгіёна Службе iнфармацыi "ЕўраБеларусi" каментуе дырэктар Інстытута палітычных даследванняў “Палітычная сфера” Андрэй Казакевіч.

-Віленскі саміт закончыўся еўрарэвалюцыяй ва Украіне, якая пагражае змяніць геапалітычную расстаноўку сіл на кантыненце. Якія шансы мае ўкраінская рэвалюцыя, каб дайсці да лагічнага фінала?

-Мне падаецца, што адразу сур’ёзных вынікаў цяжка чакаць. Хутчэй за ўсё, мы ўбачым істотную мабілізацыю апазіцыі, у якой, прынамсі, зараз з’явіўся канкрэтны праціўнік. Натуральна, што бліжэйшыя выбары ва Украіне будуць скарыстаныя для заваявання ўлады.
 
-Ці можна казаць, што менавіта адмова Януковіча падпісаць пагадненне ад асацыяцыі з Еўрасаюзам стала спускавым кручком для ўкраінскіх падзей?
 
-Менавіта так. Пэўнае напружанне ва ўкраінскім грамадстве існавала і дагэтуль. Але калі казаць менавіта пра апазіцыю, то нейкага стрыжня, агульнай ідэі, канкрэтнага ворага, калі заўгодна, ёй не хапала. Гэта адчувалася па палітычных працэсах апошняга года, як мінімум. Зараз гэта ўсё з’явілася, дзякуючы не зусім разумным дзеянням Януковіча, бо ён мог абыграць сітуацыю больш карэктна і граматна, мог не пераходзіць пэўную мяжу, што прывяло да ўсплёску палітычнай актыўнасці, да мабілізацыі пэўнай колькасці насельніцтва. Цяпер з’явіліся фактары, якія гуляюць супраць Януковіча і спрыяюць актывізацыі апазіцыйнай дзейнасці.
 
-Украінскі кіраўнік ужо патэлефанаваў старшыне Еўракамісіі Барозу. Гэта можа быць як манеўр, якім Януковіч хоча адцягнуць увагу ды выйграць час (свае візіты ў Кітай, а затым у Расію Януковіч так і не адмяніў) , так і спроба даць заднюю хаду падзеям. Да якой версіі схіляецеся вы?
 
-Безумоўна, Януковіч адчувае,  што дапусціў пэўную памылку, павёўшы сябе дастаткова груба ў адносінах да Еўрапейскага Саюза. Ягонае тэлефанаванне Барозу – спроба неяк выправіць сітуацыю, бо яна пачала набываць некантралюемыя формы.
 
Але гэта не той ход, які здольны рэальна пераламаць сітуацыю ўнутры краіны. Адмова падпісваць пагадненне пра асацыяцыю стала нагодай, фактарам для мабілізацыі насельніцтва, але не першапрычынай. Узнікшае на гэтай глебе процістаянне перарастае ва ўнутрыпалітычны канфлікт, а не канфлікт еўрапейскай інтэграцыі. Але цяпер ужо ні тэлефанаванні, ні рацыянальная аргументацыя адмовы ад падпісання пагаднення (пагрозы для ўкраінскай эканомікі, напрыклад), не здолеюць аказаць станоўчы эфект на ўнутрыпалітычную сітуацыю. Прынамсі, у кароткатэрміновай перспектыве, таму што змена настрояў ў грамадстве адбылася занадта рэзка, і відавочна, яна прадыктаваная Масквой. Гэта стварае вельмі негатыўны фон.
 
-Ці магчыма адыграць сітуацыю да ўзроўню Віленскага саміту? Ці ўжо немагчыма?
 
-Няма нічога немагчымага, але гэта зрабіць скаладана, дый патрэбны час, - месяцы, калі не гады. Еўрапейская працэдура дастаткова бюракратызаваная, прадугледжвае доўгія перамовы, падрыхтоўку. Але калі выкананыя ўсе выкананыя ўсе падрыхтоўчыя рэчы, то гэтая працэдура прадугледжвае, што суб’екты выконваюць правілы гульні, інакш яны проста падрываюць да сябе давер. Украінскае кіраўніцтва фактычна парушыла ўстаноўленыя правілы гульні. Таму я не думаю, што вяртанне дасамітаўскага стану можа адбыцца хутка. Вяртанне да сітуацыі падпісання пагаднення аб асацыяцыі патрабуе часу, таму адыграць назад сітуацыю хутка ў любым выпадку не адбудзецца.
 
Трэба згадаць, што адмова ад падпісання выкліканая пазіцыяй Расіі, і нельзя скідваць з рахункаў гульню Масквы. Калі, скажам, адбудуцца спробы вярнуць сітуацыю, то яны сутыкнуцца з процідзеяннем усходняга суседа Украіны.
 
-Як далёка Расія гатова зайсці, каб не выпусціць са сваіх абдымкаў Украіну?
 
-Вельмі складанае пытанне, бо яно завязанае не толькі на рацыянальных момантах, але і на персанальных.
 
Відавочна, што праект еўразійскай інтэграцыі, у свой час агучаны Пуціным, які цяпер спрабуюць рэалізаваць на постсавецкай прасторы, губляе сэнс без Украіны. Калі не будзе Украіны, Еўразійскі эканамічны саюз не набярэ дастатковага людскога, эканамічнага патэнцыялу. Таму бітва за Украіну – прынцыповая для Расіі. На яе Расія гатова пакласці пэўную частку сваіх сіл, энергіі, частку фінансавага капіталу. Але не думаю, што пойдзе далей за эканамічны шантаж, за абяцанні эканамічнай дапамогі, за пэўнае ўмяшанне ва ўнутраныя справы праз падтрымку тых ці іншых палітычных суб’ектаў. Гэта стандартны набор дзеянняў, якія Расія выкарыстоўвае да сваіх суседзяў. Не думаю, што расійскае кіраўніцтва будзе рызыкаваць сваёй уласнай эканамічнай, фінансавай стабільнасцю дзеля Украіны, рабіць зусім рызыкоўныя захады. Хаця апісаныя механізмы будуць выкарыстоўваццца да апошняга – пакуль не стане відавочна, што ўсе захады не працуюць.
 
Але прыклад Беларусі паказвае, што працуюць. Фінал Віленскага саміта я б ацаніў як значную тактычную знешнепалітычную перамогу Расіі. Яшчэ месяцы чатыры назад абсалютная большасць экспертаў выказвалася за тое, што Украіна падпіша пагадненне аб асацыяцыі; той факт, што Расія ў такі кароткі тэрмін здолела пераламаць сітуацыю на сваю карысць, можна лічыць дасягненнем.
 
-Якім чынам украінская рэвалюцыя можа адбіцца на лёсе Усходняга партнёрства?
 
-Натуральна адаб’ецца. Калі рэвалюцыя прывядзе да змены ўлады, то вяртанне ў зыходную кропку, пра якую мы гаварылі, адбудзецца аўтаматычна. Прыход да ўлады празаходніх, праеўрапейскіх сіл актывізуе працэс еўраінтэграцыі. І гэта цалкам зменіць сітуацыю, у тым ліку ў і праекце Усходняга партнёрства, дзе Украіна таксама адыгрывае ключавую ролю. Калі Украіна пераключаецца на Еўропу, то і ўвесь рэгіён пераходзіць на еўрапейскія рэйкі. Гэта можа цалка змяніць сітуацыю, якую мы маем ў межах Усходняга партнёрства, працэсы могуць быць паскораныя для большай часткі краін-удзельніц.
 
Калі ўкраінская рэвалюцыя яне прывядзе да змены ўлады, а наадварот, узмоцніць пазіцыі Януковіча альбо блізкіх да яго людзей, то рашэнне Украіны, падмацаванае ціскам з боку Расіі, можа прывесці да процілеглай рэакцыі з боку Беларусі, Арменіі, Азербайджана. Усходняе партнёрства можа спыніць сваю дзейнасць, ператварыцца ў поўную фікцыю: з шасці краін-удзельніц у працэсе застануцца толькі дзве, Грузія і Малдова.
 
Такі сцэнар таксама дастаткова верагодны, калі ўкраінскія падзеі не прывядуць да змены ўлады. І наадварот: калі ўкраінская рэвалюцыя будзе даведзеная да лагічнага завяршэння, то гэта зрушыць маятнік у бок еўрапейскай інтэграцыі ў рэгіёне.
 
-Гэта азначае, што ўкраінскія падзеі непазбежна ўплываюць і на Беларусь…
 
-Так, украінскія падзеі тым ці іншым чынам на Беларусі адаб’юцца. Як канкрэтна, мы прадказаць не можам.
 
Калі Украіна далучаецца да Мытнага саюза, то ў трохкутніку Беларусь-Расія-Казахстан з’яўляецца дастаткова моцны гулец, які прыдасць дынаміку многім працэсам. Калі Украіна выпадае з Мытнага саюза і цалкам пераключаецца на еўраінтэграцыю, то ўсе ўсе еўразійскія ініцыятывы ператвараюцца ў невялікую лаяльную для Расіі перыферыю. Што будзе мець велізарныя наступствы для Беларусі, у тым ліку – і эканамічныя.
 фота korrespondent.net
Друкаваць decreaseincreaseПамер шрыфта
Share |

АРХІЎ ГАЗЕТЫ

NV logo

ШУКАЦЬ У АРХІВЕ З ДАПАМОГАЙ КАЛЕНДАРА

ПАРТНЁРЫ

Падпiска

Падпісацца на "Народную волю" можна ў любым паштовым аддзяленні.