bulletгалоўнае онлайн:

Навука

Друкаваць decreaseincreaseПамер шрыфта

Вучоныя і эксперты будуць гаварыць пра беларусаў і Беларусь

NV exclusive   Аўтар: I 6 верасня 2013 г. 12:09 Image 87359
Больш за 400 навукоўцаў, экспертаў, аналітыкаў і інтэлектуалаў, у тым ліку і многія вядомыя асобы больш чым з 25 краін прымуць удзел у ІІІ Міжнародным Кангрэсе даследчыкаў Беларусі, які адбудзецца 11-13 кастрычніка 2013 г. у Каўнасе (Літва).

У прыватнасці, паведамілі “Народнай Волі” у аргкамітэце, у працы Кангрэса прымуць удзел:  вядомы беларускі літаратуразнаўца Адам Мальдзіс, вядомы брытанскі даследчык літаратуры Арнольд Макмілін, амерыканскі лінгвіст Курт Вулхайзер, даследчык Бібліі айцец Аляксандр Надсан (Лондан).

Дастаткова цікавай выглядае эканамічная секцыя, у працы якой прымуць удзел спецыялісты з беларускіх універсітэтаў і незалежных цэнтраў, у тым ліку эксперты Аляксандр Чубрык і Сяргей Чалы.

У гэтым годзе прадстаўнічай выглядае і паліталагічная секцыя. У яе працы прымуць удзел спецыялісты з Украіны, Расіі, Даніі, Брытаніі, Ірака, Казахстана, Латвіі, Літвы, Азербайджана, Польшчы, Кіргізіі, а таксама беларускія спецыялісты: Вячаслаў Паздняк, Андрэй Ягораў, Дзяніс Мельянцоў, Валер Карбалевіч, Аляксандр Філіпаў.   

У межах секцыі плануецца асобнае абмеркаванне розных аспектаў еўразійскай інтэграцыі. У дыскусіі прымуць удзел у тым ліку эксперты, якія звычайна выступаюць у падтрымку існуючай беларускай улады і еўразійскай арыентацыі краіны: Юры Шаўцоў, Сяргей Кізіма, Сяргей Мусіенка і некаторыя іншыя. Мяркуецца, што ў рамках кангрэса паміж прадстаўнікамі вельмі розных экспертных супольнасцяў адбудзецца абмеркаванне актуальных праблем беларускай знешняй палітыкі.

Праца некалькіх секцый будзе прысвечана спадчыне і гісторыі ВКЛ, у прыватнасці феноменам “Літвы” і “Русі” у сярэднявеччы. Удзел у секцыях, звязаных з гісторыяй ВКЛ, прымуць як вядомыя беларускія даследчыкі Генадзь Сагановіч, Георгій Галенчанка, Алег Дзярновіч, Аляксандр Краўцэвіч, Наталля Сліж, так і замежныя спецыялісты Артурас Дубоніс (Літва), Міхаіл Дзмітрыеў (Расія) і іншыя. Абмеркаванне “паўночнага вымярэння” “Літвы” і “Русі” адбудзецца пры ўдзеле філосафа Сяргея Санько, які актуалізаваў ідэю Крывіі ў сучаснай Беларусі.

Таксама адбудуцца секцыі па гісторыі Беларусі ХІХ і ХХ стагоддзя, гістарычнай урбаністыцы, гісторыі габрэйскай супольнасці ў Беларусі, гістарычнай прысутнасці беларусаў у балтыйскіх краінах і беларускай дыяспары з удзелам такіх вядомых спецыялістаў як Дарота Міхалюк (Польшча), Захар Шыбека, Алесь Смалянчук, Андрэй Кіштымаў, Лешек Заштаўт (Польшча), Андрэй Катлярчук (Швецыя), Эрыкс Якабсанс (Латвія) і многія іншыя. Плануецца асобная панэль па гісторыі думкі Беларусі.     

Упершыню ў межах Кангрэса пройдзе праца сацыялагічнай секцыі, а таксама секцыі па ахове і інтэрпрэтацыі культурнай і гістарычнай спадчыны.  
На пленарным пасяджэнні выступяць Стывен Уайт з Універсітэта Глазга (“Дылемы беларускай знешнепалітычнай арыентацыі”), Маргарыта Бальмацэда з Гарвардскага ўніверсітэта (“Энергетычная палітыка і сацыяльны кантракт у Беларусі”), Эгідыюс Александравічус з Універсітэта Вітаўта Вялікага (“Палітыка Літвы ў дачыненні да беларусаў”),  вядомы даследчык ВКЛ з ЗША Дэвід Фрык (“Вільня XVII стагоддзя”), а таксама польскі даследчык беларускага паходжання Мікалай Іваноў з дакладам пра аднаго з заснавальнікаў беларусістыкі ў Польшчы Севярына Віслауха.  

Таксама ў межах Кангрэса будзе ўручана прэмія за лепшыя навуковыя публікацыі ў 2011-2012 гадах па трох намінацыях: гісторыя, сацыяльна-палітычная навукі, гуманітарныя навукі. Адбор быў праведзены шырокім колам экспертаў, вынікі будуць агучаныя падчас кангрэсу.

Друкаваць decreaseincreaseПамер шрыфта
Share |

АРХІЎ ГАЗЕТЫ

NV logo

ШУКАЦЬ У АРХІВЕ З ДАПАМОГАЙ КАЛЕНДАРА

ПАРТНЁРЫ

Падпiска

Падпісацца на "Народную волю" можна ў любым паштовым аддзяленні.