bulletгалоўнае онлайн:

Друкаванае выданне - №32 (3773) - "ПАСЛЯ ПАДЗЕІ"

Друкаваць decreaseincreaseПамер шрыфта

ПАСЛЯ ПАДЗЕІ

Хутка птушкі запяюць усюды...

Аўтар: I 24 красавiка 2013 г.

Як ні ўпарцілася зіма, але ж усё роўна не ўстаяла перад адвечным зямным законам. Праўда, вясёлых галасоў чародаў з выраю яшчэ не чутно, але вось-вось будзе ўсё, як у народнай песні, радок з якой і даў назву незвычайнай музычна-паэтычнай імпрэзе ў канцэртнай зале імя Р.Шырмы Белдзяржфілармоніі: “А ўжо птушкі пяюць усюды...”

Хвалюючая праграма, прысвечаная героям Паўстання 1863—1864 гадоў — адной з самых гераічных і трагічных старонак у айчыннай гісторыі — тым не меней стасавалася з веснавым подыхам прыроды, вызваленай з зімовага палону, з прасветленымі надзеямі і перакананасцю: героі сапраўды не паміраюць. Яны сцвярджаюць сваёй ахвярнасцю: несупынную плынь часу, абнаўленне жыцця па веснавым сцэнарыі нікому не адмяніць!

...Цікава было паназіраць за двума падлеткамі, якія, ужо не ведаю як, трапілі на гэтую вечарыну. У перапоўненай зале, загрувашчанай прыстаўнымі крэсламі (а іх усё ўносілі і ўносілі, каб неяк уладкаваць тых, хто проста не мог тут не быць), яблыку няма дзе ўпасці. Тут паважныя і паважаныя асобы, вядомыя плённай працай на ніве нацыянальнага Адраджэння, людзі сталага веку і маладзейшага пакалення. Усе ўжо сцішыліся ў засяроджаным чаканні, а вось гэтыя двое... Дураслівяць, жартліва штурхаюцца, перасмейваюцца, гучна абмяркоўваюць свае хлапечыя справы — усё, як і паложана ў іх узросце. Рабіць ім заўвагі, чытаць мараль, суцішваць? Ды такога і не спатрэбілася: па меры таго, як разгортвалася дзея, мае юныя суседзі суцішыліся самі, ператварыўшыся разам з усімі ў слых, калі ў перапоўненай зале — нібы адно стоенае дыханне і памкнёныя наперад вочы. Вось што значыць мастацтва, адухоўленае высокімі пачуццямі і думкамі! Яно ачышчае чалавечую душу ад шалупіння, узнімае яе, адчыняе вароты ў нязведанае...

Між тым на філарманічнай сцэне і блізка не было, ды і не магло быць, таго, што звыкла бачыць для многіх сучасных маладзёнаў — ні спецэфектаў і выкрутасаў, ні пачварнай какафоніі ў рытмах “дыр-дыр-дыр”. Ва ўсім панаваў строгі і стрыманы, густоўны класічны стыль. Да публікі выходзілі бліскучыя прафесіяналы, вядомыя сваім выканальніцкім майстэрствам не толькі ў Беларусі, а і за яе межамі: ансамбль салістаў “Класік-авангард” пад кіраўніцтвам заслужанага дзеяча мастацтваў Уладзіміра Байдава, камерны мужчынскі хор “Унія” пад кіраўніцтвам Кірылы Насаева, постфальклорны гурт “Страла” (мастацкі кіраўнік Эвеліна Шчадрына)... Спявалі лаўрэаты міжнародных конкурсаў Ілля Сільчукоў, Янаш Нелепа і Сяргей Лазарэвіч... Артысты Валянціна Лясоўская і Аляксей Яравенка чыталі прысвечаныя К.Каліноўскаму і ягоным паплечнікам вершы Янкі Купалы, Ларысы Геніюш, Наталлі Арсенневай, Анатоля Вольнага, Петруся Броўкі, Уладзіміра Караткевіча, Ніны Мацяш і іншых беларускіх паэтаў. Але выканаўцаў цяжка было назваць проста бездакорнымі выканальнікамі. За знешняй стрыманасцю іх манеры адчуваліся гарачы ўнутраны напал, душэўнае ўзрушэнне, што ставяць мяжу паміж сапраўдным мастацтвам і халодным, хай сабе і вытанчаным, майстэрствам.

Уздымна гучалі раней невядомыя нам, маладасведчаным, звычайным аматарам прыгожага шматлікія ваярскія песні, паўстанцкія маршы і гімны той пары, замест аўтарства якіх у праграме канцэрта часцей за ўсё было пазначана: “Ананім XIX стагоддзя”. Можна здагадвацца чаму: гэтыя магутныя, поклічныя творы нараджаліся ў самым агні змагання самімі яго таленавітымі ўдзельнікамі, і многія з іх ужо не выйшлі з таго агню, не паспелі занатаваць свайго імя. Гарманічна ўпляліся ў музычна-паэтычны вянок памяці продкам-змагарам і творы класікаў еўрапейскай музычнай культуры — знакамітага нашага земляка, ураджэнца Ігуменшчыны (цяпер Чэрвеньскі раён) Станіслава Манюшкі, польскіх кампазітараў Людвіга Навіцкага і Караля Шыманоўскага, як і нашых сучаснікаў-суайчыннікаў Вячаслава Кузняцова, Уладзіміра Байдава і іншых. Свае непаўторныя фарбы ў музычную плынь канцэрта надалі і фартэпіянныя сачыненні Камілы Марцінкевіч — дачкі аднаго з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры Вікенція Дуніна-Марцінкевіча. Цудоўную піяністку і спявачку, што стала перакананай каліноўкай, у змрочна вядомым Пішчалаўскім замку, за турэмнымі кратамі (сённяшняя “Валадарка”), а потым у высылцы мо адно і ратавала — музыка рамантычнай, узнёслай душы, нязмоўчныя галасы роднай зямлі...

Пра магутную сілу ўздзеяння мастацтва на людскія душы, на абуджэнне ў іх высакародных патрыятычных пачуццяў, станаўленне народа як нацыі проста і ярка, пазбягаючы робленага пафасу, як гэта часам бывае, пераканаўча і шчыра размаўляў са слухачамі заслужаны артыст Беларусі, няўрымслівы шукальнік і адраджэнец забытых скарбаў нашай музычнай культуры заслужаны артыст Беларусі Віктар Скарабагатаў. Гэтым разам яму выпала роля Апавядальніка. Ён распавядаў пра гістарычных асоб і падзеі, якія гараць, пякуць, стукаюць у сэрца, бы ўсё адбывалася з ім самім не далей як учора. Аказваецца, аўтар не зніклай дагэтуль з сусветнай сцэны вясёлай, смешнай — насуперак сур’ёзнай назве — оперы “Страшны двор” Станіслаў Манюшка і не здагадваўся, што зусім не на жарт напалохае “рэвалюцыяй” і раззлуе царскага намесніка, усяўладнага правіцеля Польшчы. Той, наведаўшы шосты прэм’ерны спектакль, катэгарычна забараніў выконваць арыю Стэфана, і больш яе тады ніхто не чуў. Праўда, са сцэны оперная арыя, прасякнутая пяшчотай да роднай зямлі, пайшла ўжо ў народ, згуртоўвала і натхняла палякаў на новы ўздым супраціву расійскай акупацыі...

Падобная гісторыя, можна сказаць, зрабіла нацыянальным героем і генія сусветнага опернага мастацтва Джузэпэ Вердзі. Маэстра дужа хваляваўся перад прэм’ерай “Трубадура”, мучыўся сумненнямі (як і паложана “нармальнаму”, далёкаму ад самаўпэўненасці генію), ці атрымалася хоць што-небудзь прыдатнае? І толькі калі вялізная зала пад гучныя воклічы “Viva Italia!” узарвалася авацыямі, а кампазітара падхапілі на рукі і панеслі па плошчы, ён зразумеў: зрабіў быццам бы што трэба... Назаўтра і наступнымі днямі  “Stretto” опернага героя падхапілі вуліцы італьянскіх гарадоў. І тут эмацыйныя, вядомыя сваім вальналюбствам італьянцы даўно наспелы пратэст супраць чужаземных захопнікаў сталі ператвараць у шырокі вызвольны рух, які потым узначаліў легендарны рыцар свабоды Антоніа Гарыбальдзі, — і ў рэшце рэшт паўстала здабытая ў бітвах вольная, незалежная Італьянская Рэспубліка.

Яшчэ красамоўны прыклад. Зноў-такі італьянец Ахілес Джузэпэ Банольдзі — выдатны спявак і танцор з артыстычнай сям’і, кумір захопленай публікі з перакананнямі “карбанарыя” — невыпадкова быў занесены вятрамі свабоды ў ліцвінскую тады Вільню. У адным з цэнтраў падрыхтоўкі паўстання супраць царызму ён і стаў пачуваць сябе... ліцвінам, увайшоў у склад паўстанцкага камітэта Літвы (Беларусі). У адчыненай ім майстэрні-фатаграфіі друкаваў падпольную літаратуру, стаў верным паплечнікам Кастуся Каліноўскага. Нашаму сябру-італьянцу мы і абавязаны рэдкім, ужо класічным фотапартрэтам нацыянальнага героя Беларусі. Сябры Банольдзі здолелі выхапіць пасіянарнага італьянца з царскай турмы, пераправіць за мяжу. А ў Францыі, усяго праз некалькі год  — Парыжская камуна! І Ахілес, канечне ж, — на барыкадах, у бітве за ідэалы вольнасці і людскога братэрства. Ён падымае дух таварышаў-камунараў цудоўнымі спевамі на многіх еўрапейскіх мовах, а калі, смяротна паранены, ужо не змог трымаць у руках зброю, падбадзёрваў знясіленых сяброў прыгожай песняй з незразумелымі ім словамі. Ён спяваў сваю апошнюю — беларускую — песню!

Вось дзе сюжэт для захапляльнага рамана, оперы, сімфоніі! Яны, верыцца, яшчэ будуць. А колькі яшчэ цікавейшых гісторый — уражвальных ілюстрацый да багатага на гераічныя падзеі мінулага Бацькаўшчыны пачулі мы ад Віктара Скарабагатава! Сціпла названы ў канцы праграмы адным з рэжысёраў імпрэзы (яшчэ адзін — Аляксей Яравенка, сцэнарыст — Ірына Дубянецкая), ён насамрэч быў яе душой, натхняльнікам і вядучым насычанага глыбокім зместам, доўгачаканага дзейства.

Сваімі ўражаннямі, пачуццямі шчырай удзячнасці артыстам і ўсім, хто ўклаў душу і багаты творчы патэнцыял у падрыхтоўку і рэалізацыю важкай культурнай падзеі ў філармоніі, дзеліцца з “Народнай Воляй” А.С.Усціновіч (на жаль, не названы поўнасцю імя і імя па бацьку, а па почырку, падобна, жанчына). “Вечарына прыцягнула ўвагу, — піша аўтар, — мастацкай выставай “Радзіма найвышэй за ўсё” майстроў выяўленчага мастацтва. Сярод іх — народныя мастакі Беларусі Арлен Кашкурэвіч, Васіль Шаранговіч, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі Эдуард Агуновіч, вядомыя творцы Мікола Селяшчук (светлая яму памяць!), Уладзімір Сулкоўскі, Мікола Купава, Галіна Хінка-Янушкевіч, Міхась Басалыга, Уладзімір Крукоўскі... Насычаны відэарад даваў выявы каліноўцаў і карцін паўстання... Вабіла і выстава  рэдкіх кніг з фондаў Навуковай бібліятэкі НАН Беларусі...

Усю гэтую музычна-літаратурную кампазіцыю можна назваць гераічна-патрыятычнай. Вось на чым трэба выхоўваць нашу моладзь! Але на БТ такога не пакажуць.

Асаблівая ўдзячнасць Віктару Скарабагатаву. Не адно дзесяцігоддзе ён апантана працуе на ніве беларушчыны, столькі зрабіў для яе культуры на гонар Бацькаўшчыны — і дагэтуль не мае звання народнага артыста! Мо таму і не мае, што ў дзяржаве не вельмі шануецца ўсё беларускае? Вельмі прыкра і балюча...”

Абсалютна салідарна з Вамі, А.С.Усціновіч! Нам з Вамі проста пашчасціла трапіць на незабыўную вечарыну, хаця рэкламы не было чуваць і відаць, а квіткі былі расхоплены амаль умомант. Прабачце за вымушанае асабістае прызнанне: нягледзячы на свае эмоцыі-сантыменты, я вельмі, вельмі рэдка дапускаю “слёзныя моманты”, тут жа ад пачатку і да канца вочы былі мокрыя.

Калі адгучаў апошні акорд імпрэзы (Вы помніце, канечне!), публіка ўстала, у сценах саліднага будынка загрукатаў магутны гром авацый. Я міжволі зірнула на сваіх, непаседных (напачатку) хлопцаў-суседзяў. Яны і не думалі стрымгалоў зрывацца з месца, адбівалі далоні ці не з большым ад усіх імпэтам...

Разумею, разумею: сталенне юнай асобы — надзвычай складаны і супярэчлівы, далёка не аднамомантны працэс. Але ўсё ж, спадзяюся, нейкае зерне запала і ў хлапечыя душы, дасць свае парасткі, а потым закаласуе. Ці не да іх, да ўсіх нас — сённяшніх і заўтрашніх — палымяны рэвалюцыянер Каліноўскі ў сваёй “Мужыцкай праўдзе” звяртаўся са стваральным заклікам, маючы на ўвазе не толькі цяжкую, жыццядайную і святую сялянскую працу: “Той толькі жне, хто пасее. Так сейце ж, дзецюкі, як прыйдзе пара, поўнаю рукою — не шкадуйце працы!”

У апошні міг свайго жыцця, ужо пад шыбеніцай, Кастусь зірнуў у сакавіцкае неба. Жаўранкі яшчэ не спявалі. Але ён ведаў: гіне не дарма. Наперадзе — новая сяўба і новае жніво, і вясна Бацькаўшчны ўсё роўна прыйдзе.

 

 

 

Тэмы:
Друкаваць decreaseincreaseПамер шрыфта
Share |

АРХІЎ ГАЗЕТЫ

NV logo

ШУКАЦЬ У АРХІВЕ З ДАПАМОГАЙ КАЛЕНДАРА

ПАРТНЁРЫ

Падпiска

Падпісацца на "Народную волю" можна ў любым паштовым аддзяленні.