Ні слядоў, ні следства
Менавіта такая сітуацыя напаткала мяне, калі напярэдадні дзевяцігоддзя з дня знікнення тэлеаператара Дзмітрыя Завадскага Аляксандр Лукашэнка ў інтэрв’ю расійскім журналістам паведаміў “падрабязнасці” гэтай справы.
“Была военизированная группа в Беларуси, возглавляемая неким Игнатовичем, очень подготовленные ребята из спецназа СССР. Они поехали в Чечню во время войны и воевали на стороне Москвы. Они лазали по скалам, сидели в засадах, наводили страх на сепаратистов. Это была очень сильная, опорная группа. Повоевали и вернулись домой. Приезжают к ним Шеремет и Завадский снимать сюжет для российского телевидения. В этом сюжете было сказано, что вот эти белорусские граждане воюют на стороне чеченских сепаратистов против федеральных войск. Взяли интервью у этого Игнатовича, а потом сказали, что он воевал против русских. Шеремет выкрутился, а Завадского поймали. Начали с мужских разборок: “Зачем же ты нас оболгал”? И убили Завадского. Погиб оператор, а этот провокатор Шеремет сидит в Москве и пишет всякие гадости о Беларуси”.
У гэтым расказе правільна названы толькі імёны і прозвішчы Шарамета і Завадскага. Больш НІВОДНАГА слова праўды ў ім няма.
У 2000 годзе і Шарамет, і Завадскі ўжо не мелі магчымасці працаваць у Беларусі. Павел на той час стала жыў у Маскве, а Дзіма больш часу праводзіў у камандзіроўках. Былі ў яго і камандзіроўкі ў месцы баявых дзеянняў, а калі дакладней — у Чэчню. Прыехаўшы падчас адной з іх, ён у інтэрв’ю “Белорусской деловой газете” расказаў, што чуў ад сваіх калег пра затрыманне беларускага спецназаўца, які нібыта ішоў ад баевікоў. Усё, больш нічога! Дзіма нават не называў ягонае прозвішча!
Хаця сюжэт пра затрыманне расіянамі афіцэра беларускага спецпадраздзялення “Альфа” Валерыя Ігнатовіча, які нібыта ішоў ад баевікоў, сапраўды быў паказаны ў выпусках навін. Толькі не Першага тэлеканала, на якім працавалі Шарамет і Завадскі, а па НТВ.
Нашы хлопцы да гэтага сюжэта не мелі ніякага дачынення, яны не сустракалі Ігнатовіча, не здымалі яго і ўвогуле не ведалі пра існаванне такога “дзеяча”. Больш за тое, у той камандзіроўцы Завадскі ўвогуле быў не з Шараметам, а з вядомым расійскім рэпарцёрам Алегам Гразнецкім.
Мабыць, Аляксандр Рыгоравіч сасніў, што Шарамет і Завадскі бралі інтэрв’ю ў Ігнатовіча, а потым сам паверыў у свой сон... Не ведаю.
Цяпер — што тычыцца “вельмі падрыхтаваных хлопцаў са спецназа СССР”.
На момант развалу СССР Валерыю Ігнатовічу быў 21 год (тэарэтычна ён мог бы заспець такую службу, але так здарылася, што на той час вучыўся ў Акадэміі МУС Беларусі), Максім Малік яшчэ хадзіў у школу ва ўзросце 15 гадоў, крыху болей было Аляксею Гузу — 16 гадоў. І толькі найстарэйшы з асуджаных Сяргей Савушкін мог бы “паваяваць” у спецназе СССР хаця б па ўзросце. Але, па-першае, Савушкіну ўвогуле абвінавачванне ў датычнасці да знікнення Дзмітрыя Завадскага не прад’яўлялася, а па-другое, тройчы судзімы ён наўрад ці мог быць прыняты ў спецназ.
Так што не “нашчадкі савецкага спецназа”, а выключна афіцэры спецатрада беларускага МУС “Алмаз” (Ігнатовіч і Малік), а таксама іх сябры (Гуз і Савушкін) складалі “ваенізаваную групу”, як выказаўся Лукашэнка. Яны не “лазілі па скалах, не сядзелі ў засадах і не наводзілі жах на сепаратыстаў”. Двое з іх насілі форму афіцэраў беларускага МУС і атрымоўвалі зарплату ў міліцэйскім ведамстве. Валерый Ігнатовіч нават жыў у ведамасным інтэрнаце, хаця па стане здароўя ў 2000 годзе ўжо быў камісаваны з “Альфы”. У пошуках заробку, большага за міліцэйскую пенсію, ён вырашыў пашукаць лепшай долі і накіраваўся ў Чэчню, дзе быў прыняты на працу ў спецназ ГРУ. Але атрад, куды ён трапіў, яшчэ толькі фарміраваўся, і да яго поўнай камплектацыі Ігнатовічу дазволілі з’ездзіць дамоў, у Беларусь. Тут, у Мінску, перспектывай яго “працы” зацікавіліся ягоныя сябры — Малік, Гуз, Савушкін. І таксама паехалі з Ігнатовічам прыглядзецца. Спадабалася. Вярнуліся ў Беларусь рыхтаваць дакументы, каб паступіць на работу наёмнікамі ў расійскую армію, і тут былі арыштаваны.
Я не ведаю, ці сапраўды гэтыя людзі мелі дачыненне да знікнення Дзімы Завадскага: суд быў закрытым, таму нешта гаварыць цяжка. Але я асабіста размаўляла, напрыклад, з Савушкіным — ён бажыцца, што ніколі не бачыў Завадскага, ніколі не чуў пра яго да таго, як трапіў у гэтую крымінальную справу, што прозвішча Завадскага ніколі ні ў якім кантэксце не называлі ні Ігнатовіч, ні Малік. Маці Максіма Маліка і бацька Валерыя Ігнатовіча сцвярджаюць тое самае: іх дзеці, якія зараз адбываюць пажыццёвае пакаранне ў Жодзінскай турме, клянуцца, што да знікнення Завадскага не маюць ніякага дачынення...
І ўсё ж, шчыра скажу, я не ведаю, як ставіцца да такіх клятваў. З іншага боку, калі б следства сапраўды знайшло альбо труп Завадскага, альбо хаця б месца, дзе ён пахаваны, а яшчэ лепей — жывога (бо была версія, што Завадскага адвезлі ў рабства ў Чэчню), то сумненняў не заставалася б. А так... І людзі сядзяць, і аб лёсе Завадскага нічога невядома. Пагадзіцеся, такую справу ніяк нельга назваць раскрытай.
Увогуле пра следства хачу сказаць асобна. Напярэдадні свайго знікнення, літаральна за дзень, Дзіма Завадскі амаль цэлы дзень правёў у нас у рэдакцыі (я тады працавала ў “БДГ”). Ён недзе ў 10 гадзін раніцы прывёз фотаздымкі, а з’ехаў, можа, каля пяці гадзін вечара. Мы пілі каву, размаўлялі пра ўсё на свеце: я перарывалася на нейкія справы, а Завадскі тым часам чытаў газету, а потым зноў вярталіся да розных абмеркаванняў. І так цэлы дзень. Не раз аднаўляла ў памяці тую размову. Ніякіх зачэпак, якія б хоць неяк пралівалі свет на прычыны ягонага знікнення, я ў ёй не знаходжу. Але справа не ў гэтым. Вы думаеце, хоць адзін са следчых увогуле пацікавіўся ў мяне, пра што мы размаўлялі шмат гадзін запар літаральна за дзень да знікнення Завадскага?.. Не, ніхто ні разу за ўсе дзевяць гадоў пасля знікнення Дзімы! Для мяне гэта і ёсць паказчык таго, як вялося следства. Таму і прыходзіцца кіраўніку дзяржавы не фактамі апеляваць, а фантазіраваць.
10.07.2009





галоўнае онлайн:


Аўтар:
Навіны
Дадаць каментарый