ВІНШУЕМ!
Заслужаны артыст Беларусі Анатоль КАШТАЛАПАЎ: «Хай кожны дзень вам дорыць свята»
Дзяржаўнаму ансамблю народнай музыкі «Свята» — 25 год!
Ці то з чысціні прамытага дажджом паветра, ці то з празрыстай азёрнай сінечы, ці то з cамага сэрца зямлі струменіць пяшчотай хвалісты блакіт. І раптам, бы сонца з-за небакраю, успыхвае-іскрыцца агнявістая песня, віхурыць танец, заліваюцца цымбалы і гармонік...
На сцэне — “Свята”, і свята ў перапоўненай філарманічнай зале. Вялікім канцэртам напярэдадні Новага года адзначыў свой чвэрцьвекавы юбілей славуты мастацкі калектыў краіны.
Пасля канцэрта мы сустрэліся з мастацкім кіраўніком ансамбля, заслужаным артыстам Беларусі Анатолем КАШТАЛАПАВЫМ.
Прайшлі гады — і што? Колішні юнак, ужо мэтр у народным мастацтве, — па-ранейшаму малады душою чараўнік. І зараз выходзіць на сцэну са сваімі маладзейшымі сябрамі і аказваецца ў эпіцэнтры сцэнічнай дзеі і глядацкай увагі. Па-ранейшаму іграе і танчыць, асляпляе сваёй усмешкай. У адказ — авацыі, вокрыкі “Брава!”.
— Скажыце, Анатоль Михайлавіч, адкуль бярэцца талент? Вы ўжо напэўна ведаеце.
— Каб жа хто мог разгадаць гэтую таямніцу! Якуб Колас, па-мойму, пра тое трапна сказаў: “Ад гоману бароў, ад казак вечароў, ад песень дудароў... Ад тысячы ніцей, з якіх аснована і выткана жыццё”.
Колькі помню сябе — а дзяцінства маё прайшло ў вёсцы Шапчыцы на Магілёўшчыне, — заўсёды цягнула нейкім магнітам на голас песні, музыкі. Бацькі, калі бралі з сабою на кірмаш, не баяліся згубіць мяне ў вірлівым натоўпе. Спакойна займаліся сваімі справамі і заўсёды беспамылкова знаходзілі там, дзе чуўся гармонік, прыпеўкі. Стаяў я там бы ў зямлю ўкапаны, з разяўленым ротам...
Дзед Самсон — во легендарнае імя! — выдатна спяваў, а мама — ці не дзіва — любіла часам насвістваць. І мне казала: “Ой, глядзі, свістуном будзеш!”
— Выходзіць, як у ваду глядзела?
— Падобна на тое. Ёсць тут нешта прыроднае, ад бацькоў, на генным узроўні перададзенае. Вунь наша цудоўная спявачка Люся Кірыленка прывяла ў калектыў свайго сыночка-другакласніка Уладзіка. Вы бачылі яго на юбілейным канцэрце, у дуэце з крыху старэйшай Лізай Заяц “Цячэ вада ў ярок”, нашу “фірменную”, перанятую ад непаўторных Святланы і Уладзіміра Салодкіх, спявалі. А самы меншанькі яе ў свае паўтара гадочка, распавядае Люся, ужо зараз артыстам расце. Толькі музыку пачуе — аж гарыць, выбівае такт, прытанцоўвае. Ну як жа: маці, калі выношвала дзіця, сцэну не пакідала, так і жыве спяваючы.
Дай Бог, каб усё збылося. Толькі ці стануць дзеткі адораных бацькоў сапраўднымі артыстамі, ад іх саміх залежыць. Ад усведамлення самага простага: патрэбна бясконцая праца, праца, праца, праца.
— Гэта ваша творчае крэда?
— Без працы любы талент і творчасць на нуль звядуцца. Мне, лічу, вельмі пашчасціла на настаўнікаў у мастацтве. Спачатку, калі пачынаў яшчэ ў “Харошках”, Валянціна Іванаўна Гаявая вучыла, як не стаяць стаўбуном на сцэне, а іграць і танчыць ды яшчэ задавальненне адчуваць і ўсміхацца. Ох, і папацець давялося, ды недарэмна. Навечна ўдзячны дарагой настаўніцы, яе ласкавай упартасці за ўрокі майстэрства.
— А чаму навучыліся ў стваральніка “Свята” Васіля Купрыяненкі?
— О, гэта проста фантастычны талент, мастак ад Бога. І ад зямлі. Даў мне зразумець і адчуць, што першакрыніца мастацтва — у народзе. У народнай скарбніцы трэба шукаць і збіраць дыяменты, што перажылі і час, і забыццё. Беражліва, з любоўю аціраць іх ад пылу, даваць новае жыццё і вяртаць людзям іх жа багацце ў новым бляску, красе і ззянні.
Колькі мы з ім пахадзілі-паездзілі па Палессі, цягаючы на сабе тагачасны пудовы магнітафон, ад вёскі да вёскі. Колькі ўсяго запісалі, што потым зайграла-заспявала-затанцавала ў нашых праграмах, стала іх украсай. Па-маладому загучала і залівістая полька, што “выпрасіў” у аднаго дзядка на Віцебшчыне. А васьмідзесяцігадовая бабулька, калісьці першая скакуха на сяле, выдала такі “канкан”, што ў мяне ад здзіўлення і захаплення аж вочы на лоб палезлі. Яна ж яшчэ і пацвельвалася, што я няўклюда, за ёю ўслед не паспяваю...
Не, не памыляліся нашы вялікія настаўнікі Рыгор Раманавіч Шырма і Генадзь Іванавіч Цітовіч, перакананыя ў тым, што ў народнай творчасці — праўда жыцця і душа народа, ягоныя мары і надзеі, трывогі і радасці. І калі сам усё гэта не перажывеш усёй істотай, а проста “адбываеш” нумар хай сабе і на прафесійным узроўні, нічога путнага не атрымаецца: абыякавасць, душэўная пустэча выканаўцы — гэта на сто працэнтаў абыякавасць публікі. А тады і агарод гарадзіць няма чаго.
— Людзі творчыя, вядома, — складаныя асобы, характары. Ці цяжка знайсці з усімі агульную мову, стварыць ансамбль з непадобным тварам?
— Дзякуй Богу, мы з сябрамі па калектыве — аднадумцы, адной крыві. Я іх люблю і любуюся імі — іх талентамі, іх самааддачай. Прызнацца, кіраўнік я жорсткі, “муштрую” сваіх улюбёнцаў як мае быць, дабіваючыся філіграннасці. Але ніхто не крыўдзіцца, кожны шчыруе ўпарта, з натхненнем. Яны імкнуцца да яшчэ не спасцігнутага, растуць на вачах — ад канцэрта да канцэрта, ад рэпетыцыі да рэпетыцыі раскрываюцца ў новых і новых сваіх якасцях. І я шчаслівы, што мяне разумеюць, што нават самая цяжкая праца для нас — свята.
— Дарэчы, пра цяжкасці. Можна пацікавіцца, колькі важыць, да прыкладу, вось гэты невялікі гармонік, з якім вы так выдылінгівалі на юбілейным канцэрце?
— Гэты, самы маленькі? Ды нямнога, усяго восем кілаграмаў — не тое што масіўны баян... А вы заўважылі, якія “па” вырабляў наш Андрэй Маханёк, носячыся па сцэне са сваім барабанам? Вачэй не адвесці — зух, віртуоз, агонь, нязменны пакаральнік публікі. Ды і ўсе астатнія былі гледачам да душы.
— Дзе ж вы знаходзіце такіх самародкаў? У вас, можна сказаць, зорны склад з прадстаўнікоў розных пакаленняў.
— Зоркі самі па сабе не запальваюцца. Талент трэба ў час заўважыць, падтрымаць, даць дарогу. Вось Лізачку Заяц я прыкмеціў на абласным дзіцячым конкурсе ў Магілёве: чысты, яркі голас, прыродная адоранасць. Хай, думаю, расце ў нас пераемніцай, хай пойдзе далей за нас. Цяпер дзяўчынка з радасцю і ахвотай ездзіць на рэпетыцыі і выступленні разам з мамай ажно з-пад Асіповічаў.
У нашай краіне пры ўсіх цяжкасцях, лічу, склалася пэўная сістэма адбору і падтрымкі таленавітай моладзі. Тую ж цяпер знакамітую Ксенію Сітнік з Мазыра таксама на падобным конкурсе ўбачылі. На таленты Беларусь багатая, толькі б іх не разгубіць.
Прынамсі, наш калектыў мае дзяржаўную падтрымку ў набыцці інструментаў, касцюмаў, адчувае паўсядзённую ўвагу мастацкага кіраўніка Белдзяржфілармоніі Юрыя Гільдзюка.
— Што вы больш за ўсё цэніце ў сваіх калегах?
— Уявіце сабе, не толькі высокі прафесіяналізм (гэта само сабою). Мне вельмі важныя чалавечыя якасці артыста. Чым поўніцца яго душа? З чым ён выходзіць на сцэну, як разумее сваё прызванне? Мне дорага, што сябры вельмі любяць і паважаюць сваіх гледачоў, не шкадуюць ні сіл, ні часу, каб рабіць для іх прыемныя сюрпрызы. Прыкладам для моладзі — заслужаная артыстка Беларусі Марыя Маршак, якая не стамляецца шліфаваць сваё майстэрства. А наша Танечка Сушчэня — лаўрэат міжнародных конкурсаў? Прыйшла да нас пасля Акадэміі музыкі ўжо даволі вядомай цымбалісткай і чаруе публіку не адно бліскучай ігрой на сваім інструменце, а і паэтычнасцю танцавальнага дару. Старанна займаецца ў харэаграфічным класе, каб лётаць па сцэне лёгкакрылай птушкай, даравітая танцорка Святлана Байдак. Не лянуецца працаваць над сабой юная Людачка Галавач. Набіраюць творчую сілу харошыя хлопцы з Універсітэта культуры і мастацтваў Валодзя Быкаў і Саша Грыз. Я танцую разам з імі і адчуваю іх хваляванне: ці ўсё ўдалося, як задумана, ці не расчаравалі тых, хто прыйшоў на канцэрт?
А што ўжо казаць пра бліскучых вакалістаў, глыбокіх знаўцаў народнай песні Вячаслава Статкевіча — майго надзейнага дарадцу і памочніка ў творчых і арганізацыйных справах — і Васіля Сатвароннага, які яшчэ і педагог у вакальным класе. Кожны, і тыя, каго не здолеў назваць, — яркія зорачкі-залацінкі.
— Прызнайцеся, Анатоль Міхайлавіч, вам не даводзілася чуць скептычныя выказванні кшталту: ну каму, маўляў, цікавая ў наш бурлівы век з ягонымі шалёнымі рытмамі тая народная музыка — хіба што дзядулям і бабулям, апошнім магіканам вёскі?
— А-такі даводзілася. Бывае, выгружаеш з машыны інструменты, а ўслед: “Ну вось, цымбалы дапатопныя...” Ды гэта — толькі да першага дакранання музыканта да струнаў. Бо ад першага і да апошняга нумара — бура апладысментаў, удзячных воклічаў, ціхіх добрых слоў. Пасля выступлення падыходзяць, каб дакрануцца рукамі да інструментаў: “Глядзі-ка — сапраўдныя! І вы самі, жыўцом, выходзіць, спявалі-ігралі? Во дзіва, мы ж баяліся — “электрыка” ўсё рабіць будзе...”
Людзі ўжо стаміліся ад металічнага грому-скрыгату аглушальнай “электрыкі” і фальшу “фанеры”, ад безгалосасці, халтуры і падману на сцэне. Іх цягне да жывога, гаючага, сапраўднага ў мастацтве. І таму нас слухаюць не толькі бабулькі, перад якімі мы, як і перад усімі людзьмі старэйшага пакалення, схіляемся ў нізкім паклоне. За тое, што праз жыццё даюць нам хлеб надзённы, цярпліва трымаюць на плячах цяжар перажытага і не закарэлі сэрцам, адкрытым для іскрынкі святла.
Мы з вялікай радасцю ездзім з сябрамі ў глыбінку, па сельскіх клубах і Дамах культуры, дзе, гавораць, раней не ступала нага “жывога артыста”. У Белдзяржфілармоніі ёсць цэлая праграма вясковых тураў усіх мастацкіх калектываў і асобных выканаўцаў. Ад такіх сустрэч самі душэўна багацеем, творча расцём.
— Вядома, што вашы вандроўкі — вандроўкі трыумфальныя — пралеглі і далёка за межамі Беларусі...
— Можна сказаць, ва ўсе канцы свету. І ў Афрыцы пабывалі, і ў Японіі, і ў Кітаі, і ў Карэі, і ў Канадзе, і ў Венесуэле, і ў Еўропе. Вось толькі апошнія паездкі. У Лондане выступалі ў адным са знакамітых касцёлаў у прысутнасці мэра і іншых знаных людзей. А нядаўна вярнуліся з Расіі, з-пад Калугі, дзе ўдзельнічалі ў цырымоніі ўрачыстага адкрыцця “Белорусского и украинского подворья” ў культурна-асветным цэнтры “ЭкоМир”. Было вельмі цікава, і не толькі нам. Хвалюе і кранае, што беларускае мастацтва, нашу песню, музыку (можа, гэта гучыць і нясціпла) паўсюдна прымаюць на “ўра”, разумеюць, нават не разумеючы ні слова. І па іх пазнаюць Беларусь, душу нашага народа. Музычная мова — універсальная, гэта надзейны мост між рознымі краінамі і кантынентамі ў сённяшнім трывожным свеце.
— Некаторыя кажуць, што зараз людзям наогул не да высокага мастацтва — час, маўляў, складаны, нялёгкі.
— А калі ён быў простым і лёгкім для нашага народа? То войны, то рэпрэсіі, то галадуха. А людзі заўжды шукалі ў песні, калі яна ад жыцця, і ўцеху, і суцяшэнне, і паратунак. Нават у самыя трагічныя моманты... Аднойчы ў вёсцы мне распавялі пра страшны выпадак пары ваеннага ліхалецця. Паставілі жанчыну пад расстрэл за тое, што пякла хлеб партызанам, а да ног бязлітаснага нелюдзя з плачам кінуўся хлопчык-малеча: “Дзядзечка, не страляйце маю мамку — я вам “Пасею гурочкі” спяю...”
У памяць аб тым хлопчыку з расстраляным на вуснах спевам, у памяць яго маці і ўсіх ахвяр жудаснай ваеннай навалы зараз гучыць са сцэны тая народжаная ў народзе песня “Пасею гурочкі” — ужо ў выкананні артыстаў сённяшняга пакалення.
Усё ж давайце ўсміхнёмся і павіншуем адзін аднаго з надыходзячым Новым годам і Калядамі, звернемся да блізкіх і далёкіх са шчырымі зычаннямі свята ў сэрцы і самага найлепшага, чаго жадае сабе самому кожны чалавек! І чаго жадаем мы ўсе сваёй найлюбай, дарагой Бацькаўшчыне — Беларусі. А лепш, бадай, сказаць словамі нашай песні “Добрым людзям”:
Хай ад бліноў плыве дымок,
Стаіць вякамі ваша хата,
Хай ад бяды ратуе Бог,
І кожны дзень вам дорыць свята!
— І вам, і вашаму “Святу” — віншаванні з юбілеем і Новым годам, пажаданне новых вяршынь і новых радасцей на творчым шляху.





галоўнае онлайн:


Навіны
Дадаць каментарый