БАЦЬКАЎШЧЫНА
I асядае пыл стагоддзяў...
Гэты прыгожы, аздоблены адмысловымі ілюстрацыямі мастака Паўла Татарнікава фаліянт так і хочацца ўзяць у рукі, пагартаць, заглыбіцца ў чытанне. “РЫЦАРЫ І ДОЙЛІДЫ ГАРОДНІ” — выведзена на вокладцы кнігі. Яна складаецца з трох навел знанага гісторыка Алеся Краўцэвіча і прысвечана археалагічным даследаванням сярэднявечнай Гарадзеншчыны, гарадзенскаму Старому Замку, Вялікаму князю Вялікага Княства Літоўскага Вітаўту і іншым выбітным гістарычным асобам, чыя дзейнасць пакінула яркі след на гэтым абшары нашай зямлі. І не толькі.
Як рупныя і ўпартыя рэстаўратары здымаюць пазнейшыя напластаванні з мастацкіх шэдэўраў ранейшых эпох, так і выдатныя нашы рупліўцы-гісторыкі крок за крокам, сумленна і старанна сціраюць белыя плямы (ці чорныя дзіркі?) з мінулага нашай Бацькаўшчыны, запаўняюць іх па крупінках здабытай праўдай. І асядае пыл стагоддзяў, і былое Беларусі паступова паўстае перад намі такім, якім было: ва ўсёй сваёй велічы і трагічнасці.
Знаёмім чытачоў з фрагментамі асобных раздзелаў кнігі, напісанай даходліва і займальна, даступна для любога ўзросту.
Па ўсіх пытаннях, звязаных з “Гарадзенскай бібліятэкай”, можна звяртацца на zasvabodu.hrodna@gmail.com.
Алесь КРАЎЦЭВIЧ
Рыцары і дойліды Гародні
Гарадзенскі замак
У ДАЎНІЯ ЧАСЫ НАШЫ ПРОДКІ, КАБ БАРАНІЦЦА АД ВОРАГАЎ, ЗБУДАВАЛІ МНОСТВА ЗАМКАЎ. ЧАГО-ЧАГО, А ВОРАГАЎ ТАДЫ ХАПАЛА. ШМАТ РАЗОЎ ПРЫХОДЗІЛІ ПА ЗДАБЫЧУ НА НАШУЮ ЗЯМЛЮ НЕМЦЫ-КРЫЖАКІ, КРЫМСКІЯ ТАТАРЫ, МАСКАВІТЫ, ШВЕДЫ.
Найбольш магутныя замкі ўзводзіліся на граніцах у самых небяспечных месцах, вось як у Полацку, Віцебску або Смаленску, Мсціславе ці Оршы. Гэтыя гарады знаходзіліся каля мяжы Беларусі з Маскоўскай дзяржавай, і ў выпадку вайны першымі прымалі на сябе ўдар варожага войска. Падобна выглядала справа і на захадзе. Тут самае буйное будаўніцтва замкаў прыпала на другую палову 13 і 14 ст., калі краіна вяла цяжкую вайну з моцным і небяспечным ворагам — рыцарамі-крыжакамі.
Магутным і непрыступным умацаваннем каля заходняй мяжы Беларусі быў замак у горадзе Гародня (гістарычныя назвы: Горадзен, Горадня, зараз — Гродна). Шмат разоў ворагі спрабавалі яго захапіць, але амаль заўсёды бясслаўна адступалі.
Крыжацкая навала
...У 1988 г. непадалёк ад Старога замка, дзесьці ў 1,5—2 кіламетрах ніжэй па цячэнні Нёмана, некалькі гарадзенскіх школьнікаў знайшлі незвычайны скарб. У лесе на нёманскім абрыве ля самай вады яны адкапалі поўны набор зброі і рыштунку коннага воіна 13 ст. Там былі меч, шлем, барміца (кальчужны каўнер да шлема), наканечнікі дзіды і дроціка, баявая сякера, стрэмя, тры шпоры, шпілька да плашча. Аўтар гэтых радкоў па свежых слядах правёў археалагічнае абследаванне месца знаходкі і знайшоў яшчэ паясную спражку. Для нас рыцарскі набор 13 ст. — перш за ўсё гістарычная каштоўнасць (прычым вялікая, бо такія знаходкі здараюцца прыблізна адзін раз на дзвесце гадоў), а для людзей таго часу ён быў сапраўдным скарбам. Жалеза тады вельмі дорага каштавала, а выраб камплекту рыцарскай зброі варты быў цэлага маёнтка. Па асаблівасцях формы паасобных рэчаў было відаць, што іх вырабілі ўсходнеславянскія, менавіта беларускія майстры. Адзін з прадметаў — наканечнік дзіды, як дзве кроплі падобны на дзіду, раскапаную археолагамі на Старым замку...
...Падчас выправы 1284 г. правадніком у крыжакоў быў прус па імені Скомунд, які раней таксама жыў у Гародні, але потым вырашыў вярнуцца дамоў і пакарыцца крыжакам. Перайшоўшы Нёман, немцы прыступілі да аблогі горада. Стралялі з лукаў і арбалетаў, камнекідальных машын, рыхтавалі штурм. Залога (гарнізон) горада была спакойнай — спадзявалася на моц сваіх муроў. Калі немцы палезлі на сцены, пачалася страшная сеча... Усё ж пасля шматгадзіннага штурму ордэнскія жаўнеры ўварваліся ў горад. Спалілі дамы, жыхароў каго забілі, каго забралі ў няволю. Але ўвага! Увесь час гаворка ішла пра горад і гарадскія ўмацаванні. Пра замак нямецкая хроніка маўчыць. Самы галоўны замак — Верхні замак, відавочна, ацалеў, інакш храніст не прамінуў бы расказаць аб яго падзенні. Напэўна, немцы ўзялі толькі Ніжні замак.
Новы вялікі князь Віцень адбудаваў горад, вярнуў у яго тых жыхароў, хто здолеў уцячы і хаваўся па лясах і балотах. Па загадах князя былі ўзведзены новыя ўмацаванні. З імем гэтага гаспадара звязана з’яўленне беларускага дзяржаўнага герба. У Густынскім летапісе сказана, што ў канцы 13 ст. Віцень узяў на сябе герб: “рыцер збройны на коне с мечем, еже ныне. Наричут погоня...”
Слаўны рыцар Давыд Гарадзенскі
У 1314 г. камандор Генрых, каб выправіць сваю пахіснутую рэпутацыю ваякі, рашыўся на справу, на якую дагэтуль ні адзін крыжацкі правадыр не адважыўся. Ён задумаў зайсці далёка ў тыл Гародні і напасці на сталіцу Літвы — Наваградак. Сабраў вялікае войска, нарыхтаваў на чатыры месяцы харчавання і ў верасні пайшоў цішком праз Наднарвянскую пушчу...
Наваградскія брамы аказаліся наглуха замкнутыя, а жыхары гатовымі да бітвы на валах і сценах. Пасля некалькіх прыступаў крыжакі ўзялі спалены вакольны горад, а гараджане зачыніліся ў замку. У ордэнскага войска не было ні здабычы, ні палонных, яго абоз пад замкам стаяў пусты. Наваградчане мужна бараніліся на сценах замка, ды яшчэ праводзілі нечаканыя вылазкі. Праз некаторы час крыжацкім воям не стала хапаць ежы, яны баяліся ў пошуках яе адыходзіць далёка ад свайго войска — ліцвінскія дазоры толькі гэтага і чакалі.
Кіраўнікі паходу прынялі рашэнне адступаць назад у Прусы. Хуткім маршам прыйшлі да склада пад Гародняй, але не знайшлі ні коней, ні прыпасаў, а толькі трупы варты. Гэта Давыд — гарадзенскі намеснік (службовая асоба ў Вялікім Княстве Літоўскім, прадстаўнік вялікага князя, узначальваў мясцовае кіраванне) напаў з дружынай, пабіў варту і забраў прыпасы. У войску крыжакоў пачаўся голад... Храніст паведамляе, што коней ужо не засталося — пагінулі або пайшлі на харчаванне. Да таго ж навокал гойсалі ліцвінскія аддзелы. Шмат хто з удзельнікаў таго паходу альбо загінуў ад голаду, альбо быў злоўлены ліцвінамі. Хроніка паведамляе, што тыя нямногія, хто вярнуўся, выглядалі нібы здані, паўсталыя з магілаў...
...Неўзабаве зяця гаспадара сталі называць Давыдам Гарадзенскім. Ён спраўна кіраваў адным з важнейшых гарадоў і замкаў дзяржавы, здолеў арганізаваць рашучы адпор крыжакам. Давыд не толькі мужна бараніўся ў замку, але праводзіў паспяховыя паходы на Прусы. Вайна з крыжакамі стала зместам усяго ягонага жыцця...
...Вялікі князь давяраў Давыду важныя і адказныя вайсковыя аперацыі, якія сягалі нашмат далей за гарадзенска-прускую мяжу. У 1323 г. Пскоўская рэспубліка папрасіла дапамогі супраць інфляцкіх крыжакоў, якія пазабівалі пскоўскіх паляўнічых, рыбакоў і купцоў. Па даручэнні вялікага князя Давыд набраў ахвотнікаў сярод маладых вояў і выправіўся ў няблізкі шлях. Найперш прайшоўся па эстонскіх уладаннях крыжакоў, потым рушыў на падмогу абложанаму ворагам Пскову. Знянацку атакаваўшы крыжацкі абоз, захапіў яго, знішчыў абложныя машыны, разграміў лепшую частку нямецкага войска. У выніку крыжакі былі вымушаны згадзіцца на 18-гадовае перамір’е з Псковам.
Замірэнне Вітаўта і Ягайлы
Неўзабаве Вітаўт набраў такую сілу ў Літве, што Ягайла палічыў за лепшае з ім прымірыцца. Заключыўшы Востраўскае пагадненне (1392 г.), па якім атрымаў вярхоўную ўладу ў краіне, Вітаўт зноў заняўся важнейшай дзяржаўнай справай — паўстрыманнем Ордэна.
...Набегі крыжакоў працягваліся да Вялікай вайны 1409—1411 гадоў. У ходзе гэтай вайны 15 ліпеня 1410 г. адбылася генеральная сутычка — адна з самых буйных бітваў сярэднявечча, вядомая як Грунвальдская бітва. Аб’яднанне войска беларусаў (ліцвінаў. — Рэд.), палякаў, летувісаў з дапамогай чэхаў, татараў ушчэнт разграмілі ордэнскую армію. Чынны ўдзел у бітве брала харугва гарадзенскіх рыцараў. Ад таго часу крыжацкія напады на Беларусь і Летуву спыніліся раз і назаўжды.
Замак Вітаўта
...На самай старажытнай выяве беларускага горада — гравюры Гародні з 1568 г. — паказаны і Стары замак, збудаваны ў часы Вітаўта. Нават на малюнку з 16 ст. ён уражвае сваім суровым і непрыступным выглядам... Крыжацкія штурмавікі мусілі пачувацца перад ім не надта пэўна, а нашым воінам ён, наадварот, саграваў душу надзеяй і гонарам.
На тым жа малюнку на суседнім узвышшы паказаны Ніжні замак. На той час ад ягоных умацаванняў засталіся толькі руіны мураваных сцен. Сярод будынкаў адзін выдзяляецца памерамі. Гэта “каралеўскі дом”, збудаваны каля сярэдзіны 15 ст. пад жыллё для вялікіх князёў.
Міналі стагоддзі
У 1655 г. замак быў разрабаваны, пабураны і спалены маскоўскім войскам. За рускімі прыйшлі яшчэ шведы, і пасля іх замак застаўся ў руінах.
У 1673 г. было вырашана праводзіць у Гародні агульнадзяржаўныя соймы. Замак тэрмінова адбудавалі, каб ён мог прымаць усіх удзельнікаў...
Ужо ў 1678 г. у адбудаваным замку адбыўся першы сойм, на якім прысутнічаў кароль Рэчы Паспалітай Ян Сабескі. Пазней у замку адбылося спатканне караля Аўгуста ІІ з рускім царом Пятром І. Яны дамовіліся стварыць саюз супраць шведскага караля Карла ХІІ.
...Стары замак праіснаваў да 1708 г., калі яго разбурылі шведы ў час Паўночнай вайны. Разбурэнні былі такімі вялікімі, што замак стаў непрыгодным для правядзення з’ездаў, прыёмаў або сеймаў. У 1729—1730 гг. ад пасольскай залы засталіся толькі дзве сцяны, астатнія, падмытыя вадой, рухнулі ў Нёман.
У 18 ст., падобна, пры каралі Аўгусце ІІ, замак зноў адбудавалі і прыстасавалі для размяшчэння ніжэйшых па чыне прыдворных.
Замак паступова прыходзіў у заняпад.
Яшчэ больш ён страціў рысы арыгінальнасці ў 19 ст., пасля таго як Гародня ўвайшла ў склад Расейскай імперыі. У час паўстанняў супраць царызму ў 1830-м і 1863 гг. расейскія ўлады размясцілі ў Старым замку турму для паўстанцаў. Пазней у замку знаходзіліся казармы расейскіх войскаў і афіцэрскі клуб.
У 1920 г. Гародня апынулася ў складзе Польшчы. У 1925 г. у Старым замку быў заснаваны гісторыка-археалагічны музей, які існуе там і зараз. Значная частка экспазіцыі прысвечаная гісторыі замка. Мы запрашаем вас наведаць гэты прыгожы куточак Беларусі. Там можна пахадзіць па велічных руінах замкавых муроў, паглядзець музей і ўбачыць шмат з таго, пра што тут напісана.
Вялікі князь Вітаўт
Кожны народ мае сваіх знакамітых людзей. Сярод іх вучоныя, паэты, мастакі, падарожнікі, асветнікі, лекары, дзяржаўныя дзеячы. Яны сваім талентам і ўпартай працай здолелі прынесці вялікую карысць свайму народу і чалавецтву.
Такія асобы ніколі не знікаюць з зямлі бясследна. Іхнія справы працягваюць жыць і пасля смерці сваіх творцаў. Здараецца так, што слава гэтых знакамітых людзей перажывае нават народы, якія іх узгадавалі.
Імя Вітаўта — адно з найслаўнейшых у гісторыі беларусаў. Больш за пяць з паловай стагоддзяў прайшло ад часу смерці гэтага чалавека, але цікавасць да яго не толькі не затухае, але, наадварот, разгараецца. Вітаўт быў вялікім князем, гаспадаром нашай дзяржавы — Вялікага Княства Літоўскага. Дзякуючы свайму таленту, надзвычайнай працаздольнасці і нязломнай волі ён прывёў беларуска-літоўскую дзяржаву да вышэйшага росквіту яе велічы і магутнасці. Вітаўт пражыў доўгае і незвычайнае жыццё, поўнае прыгодаў і дзівосных здарэнняў. Былі ўцёкі з глыбокіх замкавых лёхаў з пераапрананнем у жаночае адзенне, было роспачнае ратаванне з поля бітвы ад ворага. Але больш было перамог, і яшчэ якіх!
Цэлыя краіны, пакораныя і сцішаныя, схіліліся перад нашым князем...
Шлях да Еўропы
Апошнія дваццаць гадоў княжання Вітаўта вызначаліся пачаткам гаспадарчага ўздыму краіны пасля заняпаду ў 14 стагоддзі. Мір і спакой усталяваліся на заходніх межах княства. Пасля разгрому пад Грунвальдам рыцары Тэўтонскага ордэна і думаць не маглі аб якім-небудзь наступленні на ліцвінскую тэрыторыю. Крывавыя крыжацкія набегі скончыліся назаўсёды. Людзі вярталіся на свае месцы, адбудоўваліся. Над спустошанымі вайной абшарамі зноў падымаліся мірныя дымкі сялянскіх хатаў, зноў зелянелі жытнёвыя палеткі. На поўначы, усходзе і поўдні ніхто не адважваўся ўступаць у канфлікт з магутнаю Літвою.
Вялікі ўплыў Вітаўт меў на багатыя гарады-рэспублікі Ноўгарад і Пскоў. Маскоўскім князем на той час быў унук Вітаўта Васіль Васільевіч, які раіўся з дзедам па важных справах. Вялікі князь актыўна ўдзельнічаў у татарскіх праблемах, нават прызначаў ханаў. Здараліся таксама і набегі на яго землі варожых татарскіх атрадаў.
Перамога пад Грунвальдам над Тэўтонскім ордэнам падняла міжнародны аўтарытэт Літвы і яе гаспадара. Доўгі час гэтая краіна ўяўлялася еўрапейцам далёкай ускраінай, заселенай дзікунамі. Вітаўт здолеў давесці адваротнае. Вялікае Княства Літоўскае трывала ўвайшло ў ганаровае кола еўрапейскіх дзяржаваў, паступова яно станавілася ўплывовым фактарам еўрапейскай палітыкі. За дапамогай да Літвы звярталіся самыя розныя краіны. Венецыянская рэспубліка і каралеўства Чэхія шукалі ў Вітаўта падтрымкі супраць германскага імператара. Справа зайшла так далёка, што вялікаму князю літоўскаму была прапанавана чэшская карона, і ён даў згоду яе прыняць.
Ён умела кіраваў краінай, клапаціўся аб дзяржаўнай гаспадарцы, падтрымліваў мір і спакой. Сяляне працавалі, здабывалі хлеб, баяры і князі ваявалі — баранілі дзяржаву, святары дбалі аб выратаванні душаў...
У 1413 г. Гарадзельскім прывілеем князь надаў асаблівыя правы і вольнасці найбольш слынным баярскім родам каталіцкага веравызнання. Не забываў гаспадар і сваіх праваслаўных падданых, дараваў землі праваслаўнай царкве і баярам, якія спавядалі праваслаўную веру.
Дзякуючы свайму дзяржаўнаму розуму, працаздольнасці і таленавітасці Вітаўт узвысіў Вялікае Княства Літоўскае, зрабіў яго славутай еўрапейскай дзяржавай. Ён шмат паспеў папрацаваць для радзімы. Ён пакінуў Літву ў росквіце славы і велічы, мір і спакой запанавалі на яе межах. Нашыя продкі атрымалі магчымасць бесперашкодна ладзіць сваё жыццё, будаваць гарады і мястэчкі, ствараць дзівосныя творы мастацтва, унікальную беларускую культуру.
Ад рэдакцыі
Шмат цікавага даведаюцца чытачы і з навелы “Майстар — наш продак”, прысвечанай багатай матэрыяльнай і мастацкай культуры нашых папярэднікаў з 14—17 стагоддзяў, калі адбывалася фарміраванне нашага народа. Кніга запрашае цікаўных і дапытлівых: смялей наперад, да незабыўнага падарожжа ў глыб вякоў!





галоўнае онлайн:


Навіны
Дадаць каментарый