МІНСКІ ФОРУМ
Макей не спяшаецца...
У дванаццаты раз "Мінскі форум" — пляцоўка для дыялогу, арганізаваная Беларуссю і Германіяй, — сабраў на сустрэчу экспертаў. Безумоўна, справа гэта добрая, але само сабой паўстае пытанне: колькі ж можна гаварыць пра адно і тое ж? Калі будуць хоць нейкія зрухі?
Праўда, у адным зрух ёсць — у тым, што ўжо другі раз запар у прэзідыуме мерапрыемства засядаў кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Уладзімір Макей, хаця былі часы, калі не толькі высокія, але нават беларускія чыноўнікі сярэдненькага ўзроўню абыходзілі "Мінскі форум" бокам. Адліга…
Але вельмі хутка стала зразумелай галоўная мэта, з якой прыйшоў Макей на мерапрыемства з удзелам прадстаўнікоў дзяржструктур Беларусі, Германіі, Літвы, Польшчы, Фінляндыі, Еўрапарламента і гэтак далей. На адкрыцці "Мінскага форуму" кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі адназначна выказаўся ў тым сэнсе, што Савет Еўрасаюза на найбліжэйшым пасяджэнні павінен зняць усе санкцыі ў дачыненні да Беларусі. Паводле слоў Макея, любое іншае рашэнне будзе перашкодай да поўнага аднаўлення адносін з Беларуссю. Немагчыма адной рукой прапаноўваць супрацоўніцтва, а ў другой трымаць спіс з патрабаваннямі і абмежаваннямі, лічыць ён.
Гэты слоўны пінг-понг (вы прыміце нас такімі, якія мы ёсць; кардыанальна выпраўляць Беларусь пакуль нічога не будзе,, змірыцеся, Беларусь жа — еўрапейская краіна) прагучаў не ўпершыню. На гэты раз Макей упэўніваў прысутных, што рэформы ў Беларусі, у прыватнасці ўдасканаленне выбарчага заканадаўства, носяць сістэмны характар, таму краіну не варта папракаць у няспешнасці. Дарэчы, іншых выступоўцаў ён слухаў без навушнікаў, праз якія трансляваўся пераклад, так што ведання замежных моў кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Макей не згубіў. Ён нават у сваім выступленні працытаваў Гётэ: "Упэўненыя крокі павінны здзяйсняцца павольна…"
Ну, проста самі на сябе беларускія чыноўнікі сталі не падобнымі. Але Стэфан Эрыксан, пасол Швецыі, краіны, якая старшынствуе ў ЕС, не пагадзіўся з думкай Макея, што ЕС праводзіў палітыку ізаляцыі ў дачыненні да Беларусі. "У 2008 годзе ЕС працягнуў руку Беларусі. Мінску застаецца толькі прыняць яе", — сказаў дыпламат.
Ці будзе вынік ад чарговай сустрэчы беларускіх экспертаў і тых, хто займаецца беларускай праблематыкай у Еўропе, сказаць складана. Больш за тое, кожны пад словам "вынік" разумее сваё.
ДАРЭЧЫ
На наступным тыдні так называемая Палата прадстаўнікоў пачне разглядаць пытанне аб магчымасці прызнання незалежнасці Паўднёвай Асеціі і Абхазіі, паведаміў журналістам кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Уладзімір Макей.
Паводле яго слоў, сітуацыя няпростая, і дэпутаты маюць намер выехаць у рэгіён, каб вывучыць яе на месцы. Дарэчы, у Абхазіі зараз цудоўнае надвор'е, сапраўдная залатая восень і шмат экзатычнай садавіны. Самы час вывучаць праблему на месцы.





галоўнае онлайн:


Навіны
абмеркаванне